Web Content Viewer (JSR 286)
- ${title}
|
27/12/2023100 гадоў з часу публікацыі «Кнігаспісу кнігарні беларускага выдавецтва “Савецкая Беларусь”»У 2023 г. спаўняецца 100 гадоў каталогу кнігарні выдавецтва “Савецкая Беларусь”», якое выдавала творы мастацкай літаратуры, падручнікі і навуковую літаратуру на беларускай мове.Факт выпуска «Кнігаспісу кнігарні беларускага выдавецтва “Савецкая Беларусь”» быў адзначаны арганізатарам і тэарэтыкам беларускай бібліяграфіі, першым дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (цяпер Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) І. Б. Сіманоўскім у кнізе "Беларуская савецкая бібліяграфія". «Кнігаспіс…» быў апублікаваны на «начальном этапе организованного развития библиографического дела в БССР». «К тому времени, – писал И. Б. Симановский – относится и появление книгоиздательской библиографии. В 1923 году был издан каталог книжного магазина издательства “Савецкая Беларусь”». Каталог быў своеасаблівым прадвеснікам дзяржаўнай бібліяграфіі Беларусі. Паводле І. Б. Сіманаўскага, «вопрос о начале издания самостоятельных республиканских органов государственной библиографии… оставался в то время пока открытым”, «договоренность о порядке издания этих органов и начале их выпуска… была достигнута… в октябре 1924 г.» Выдавецтва «Савецкая Беларусь» з'явілася ў 1923 годзе. На чале яго стаяў вядомы пісьменнік і грамадскі дзеяч Дз. Ф. Жылуновіч (Цішка Гартны). На адзінаццаці старонках асноўнага тэксту «Кнігаспіса…» адлюстраваны 65 кніг і 7 перыядычных выданняў на беларускай мове. Інфармацыя групуецца ў раздзелах: «Прыгожае пісьменства», «Часопісы», «Падручнікі для школ», «Кнігі па розных пытаннях», «Музычныя творы». Бібліяграфічныя апісанні ўтрымліваюць інфармацыю пра аўтара, загаловак, від выдання (жанр твора), назву выдавецкай арганізацыі, радзей – пра месца публікацы і ва ўсіх выпадках – аб цане выдання. Каталог адлюстроўвае выданні не толькі Беларускага кааператыўна-выдавецкага таварыства «Савецкая Беларусь», але і іншых выдавецкіх арганізацый пачатку 1920-х гадоў (Навукова-літаратурнага аддзела Наркамасветы БССР, Белтрэстдруку, Наркамзему БССР і інш.). Прадстаўлены таксама кнігі, выдадзеныя на беларускай мове ў пачатку ХХ стагоддзя пецярбургскай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», выпушчаныя ў Вільні выдавецтвам Б. Клецкіна і друкарняй М. Кухты і інш. Сярод выданняў мастацкай літаратуры – творы Ф. Багушэвіча, З. Бядулі, Ц. Гартнага, А. Гаруна, Я. Коласа, Я. Купалы, Э. Ажэшкі, М. Чарота, Ядвігіна Ш. Цікава, што першае з прадстаўленых ў каталозе выданняў – упершыню выдадзены кірыліцай зборнік паэтычных твораў «Дудка беларуская і смык беларускі» Ф. Багушэвіча. Прадстаўлены ў каталозе і першыя літаратурна-мастацкія часопісы – “Полымя” і “Маладняк”. Значную групу выданняў, уключаных у каталог, складаюць кнігі, надрукаваныя ў Берліне Беларускім аддзяленнем Дзяржвыдату РСФСР, дзейнасць якога па выпуску літаратуры на беларускай мове пад кіраўніцтвам Дз. Ф. Жылуновіча пачалася ў жніўні 1921 г. Сярод іх – зборнік вершаў Ц. Гартнага «Песні працы і змагання», «Беларускі лемантар» С. Некрашэвіча, «Беларускі лірнік. Спеўнік на чатыры галасы» У. Тэраўскага, першая частка падручніка «Алгебра» А. Круталевіча, «Асноўныя пачаткі арыфметыкі» Н. Цыгельмана, «Беларуская разразная азбука». Пра гэтыя і іншыя выданні, надрукаваныя ў Берліне, Дз. Жылуновіч у 1925 годзе ў першым нумары часопіса «Полымя» пісаў: «Усе гэтыя выданні адмыслова дасканалыя, вытрыманыя тэхнічна і з боку саліднасці. Чысценька выданыя, з падабраным гарнітурам шрыфтоў, на добрай шчыльнай паперы, удалаю фарбай адбітыя, ніткамі ў сярэдзіну перашытыя – яны сабой паднялі беларускую кніжку на ступень поўнай сталасці і кніжнага мастацтва. Сваім выглядам берлінскія выданні запрыгожылі да гэтага аднавобразную, шчуплую і шэрую беларускую вітрыну, уняслі дадатную разнастайнасць.» Адметна, што ў каталозе сярод кніг па розных пытаннях (у тым ліку па літаратуразнаўстве, сельскай гаспадарцы), прадстаўлены чатыры выпускі выдання «Беларуская навуковая тэрміналогія», падрыхтаваныя Інстытутам беларускай культуры, якія адлюстроўваюць беларускую тэрміналогію па матэматыцы, літаратуразнаўстве, геаграфіі, логіцы і псіхалогіі. Разам з асноўнымі раздзеламі, якія змяшчаюць інфармацыю пра публікацыі, што выйшлі з друку, у каталозе таксама прадстаўлена перспектыўная бібліяграфічная інфармацыя. У раздзелах «Выдавецтвам “Савецкая Беларусь” друкуецца» і «Прыгатавана да друку» адлюстравана 19 выданняў мастацкай і вучэбнай літаратуры, якія рыхтуюцца да выпуску. У канцы “Кнігаспіса” даюцца звесткі пра адрасы кнігарняў, у якіх прадаюцца прадстаўленыя выданні. Сёння “«Кнігаспіс кнігарні беларускага выдавецтва “Савецкая Беларусь”» (1923) – бібліяграфічная рэдкасць. Пазнаёміцца з ім можна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, заказаць выданне дапаможа электронны каталог. Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі. |