26/11/2013
Круглы стол "Даследаванне правененцый у Беларусі"
27 лістапада а 10-й гадзіне ў зале адукацыйных тэхналогій (3-ці паверх) адбудзецца круглы стол “Даследаванне правененцый у Беларусі”.
27 лістапада а 10-й гадзіне ў зале адукацыйных тэхналогій (3-ці паверх) адбудзецца круглы стол “Даследаванне правененцый у Беларусі”.
Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі і камітэт па ахове кніжных помнікаў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі.
Даследаванне тысячагадовай гісторыі раскіданых па свеце беларускіх кнігазбораў – адна з няпростых задач беларускага кнігазнаўства, бо ў большасці выпадкаў гісторыя кнігазбораў – гэта гісторыя іх разбурэння і знікнення. Цяжкасці ўзнікаюць і па прычыне таго, што значныя рэшткі гістарычных кнігазбораў, якія захаваліся і прадаўжаюць заставацца сведкамі свайго часу, да нашых дзён недастаткова даследуюцца беларускімі вучонымі. Правененцыі – гэта тыя пазнакі, якія ўказваюць на прыналежнасць кнігі да прыватнай асобы альбо арганізацыі, робяць кожны асобнік выдання ўнікальным, нясуць багатую гістарычную і фактаграфічную інфармацыю. Правененцыйныя даследаванні служаць справе рэканструкцыі беларускіх кнігазбораў і іх вывучэнню, а таксама звязваюць у адзінае цэлае культурную прастору Беларусі і суседніх народаў.
Мэта круглага стала: абмен вопытам, абмеркаванне праблем і выпрацоўка магчымасцей актывізацыі і ўдасканалення даследаванняў правененцый.
Для ўдзелу запрашаюцца навукоўцы і спецыялісты бібліятэк, музеяў і архіваў, навуковых і адукацыйных устаноў Беларусі.
|